ПАТАЛАГІ́ЧНАЯ ФІЗІЯЛО́ГІЯ,
раздзел паталогіі, які вывучае парушэнні фізіял. функцый і кампенсаторна-аднаўленчыя працэсы ў хворым арганізме. Падзяляецца на агульную і асобную. Агульная П.ф. разглядае прычыны (этыялогію), механізм развіцця (патагенез) хваробы, тыповыя паталаг. працэсы (запаленне, гіпаксію, гарачку, дыстрафію, парушэнні кровазвароту і інш.), аналізуе ўзаемаадносіны арганізма і знешняга асяроддзя. Асобная П.ф. вывучае паталаг. працэсы асобных органаў і сістэм. Асн. метад — эксперымент (мадэліраванне паталаг. працэсу і вывучэнне яго ў развіцці). Як самаст. навука вылучана ў сярэдзіне 19 ст. Аўтар першага падручніка і заснавальнік П.ф. ў Расіі — В.В.Пашуцін. На Беларусі развіццё П.ф. звязана з адкрыццём кафедры паталаг. фізіялогіі пры БДУ (1928), працамі А.Ю.Бранавіцкага. Навук. даследаванні праводзяцца у мед. ін-тах Мінска, Гродна, Віцебска па пытаннях росту пухлін, ліхаманкі, тэрмарэгуляцыі, рэгуляцыі сардэчнай дзейнасці і сасудзістага тонусу і інш. Вядучыя бел. спецыялісты па П.ф. — Ф.І.Вісмант, А.А.Крыўчык, А.В.Лявонава, Дз.А.Маслакоў, Ю.Я.Радзівонаў.
Літ.:
Патологическая анатомия и физиология. Мн., 1997;
Патологическая физиология. Томск, 1994.
М.К.Недзьведзь.
т. 12, с. 178
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)